Ужо ў сёлетнім студзені мастацкая суполка “Абуджэнне” ладзіць сваю выставу ў Вілейцы. Гэты прыгожы горад на рацэ Віліі ў наш час з’яўляецца значным асяродкам мастацкага жыцця, дзе ёсць свая выставовая зала, дзе рэгулярна ладзяцца самыя розныя экспазіцыі, праводзяцца майстар-класы, адбываюцца творчыя сустрэчы і да т. п. Удзельнікі выставы Андрэй Лычкоўскі, Фёдар Ладуцька, Уладзімір Сайко, Яўген Шунейка, Вольга Гацко адлюстравалі ў сваіх творах тэму Першай сусветнай вайны, якая пакінула свой крывавы след на Вілейшчыне, звярнуліся да вобразаў культавых творцаў арт-мадэрнізма У. Страмінскага і К. Кобра, якія актыўна тварылі ў Вілейцы ў 1920-х – 1930-х гг.
Багата каларытных жывапісных твораў было звязана з прыгажосцю беларускай прыроды. Пэўная частка экспанаваных твораў пасля выставы будзе падаравана музею. Вілейскія супрацоўнікі музея, мясцовыя мастакі і шматлікія гледачы выказалі мастакам-абуджэнцам сваю шчырую удзячнасць і павагу. А гэта яшчэ больш натхняе на працяг творчага падарожжа па рэгіёнах нашай краіны. Як кажуць, сваёй мастацкай актыўнасцю творцы абуджаюць прагу да жывых мастацкіх уражанняў. А гэта нашым сучаснікам неабходна не менш, чым чыстае паветра і крынічная вада.
Павел Апановіч, гісторык.
Сюжэт пра вілейскія далягляды ў CTV.BY Міншчына 30.01.2015